Адна са славутасцяў Гродна - гэта будынак былога палаца Храптовічаў у якім сёння размяшчаецца музей гісторыі рэлігіі. Будаваць гэтую гарадзенскую рэзідэнцыю старажытнага магнацкага роду пачалі ў сярэдзіне 18 стагоддзя, а верагодным заказчыкам выступіў Караль Літавор Храптовіч.

Палац Храптовічаў у Гродне.

У 1780 годзе палац пераходзіць у валоданне Антонія Тызенгаўза, вядомага Гарадзенскага рэфарматара, палітыка і асветніка. Пры ім будынак перабудоўваюць і пашыраюць, для гэтых работ Антоній запрасіў архітэктара Марціна Кнакфуса, які тады якраз працаваў над палацам Тызенгаўза у Вільні. Аднак ужо ў 1791 годзе ўладальнік зноўку змяняецца - за вялікія грошы будынак купляе Францішак Мучынскі. Праўда, і ён даволі хутка вырашае прадаць гэты палац. У пачатку 19 стагоддзя ўласнікамі становяцца прадстаўнікі літоўскага роду Ляхніцкіх.

Палац Храптовічаў у Гродне.

За доўгую гісторыю будынак вядома неаднаразова перабудоўваўся і рэканструяваўся пасля ваенных разбурэнняў і пажараў. Ад першапачатковага варыянту пабудаванага Храптовічамі мала што дайшло да нашых дзён. Лепш за ўсё захаваўся фасад і яго афармленне. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на герб горада Гродна над уваходам (алень Святога Губерта).

Палац Храптовічаў адносіцца да стылю ранняга класіцызму з элементамі барока. Уяўляе сабой цагляны, двухпавярховы будынак замкнуты па перыметры і які мае свой унутраны двор выбрукаваны каменем.

Музей гісторыі рэлігіі ў Гродне

Пасля Ляхніцкіх нейкі час палацам валодалі Святаполк-Чацвярцінскія (тыя самыя з Жалудка). Дом выкарыстоўвалі як даходны і хутчэй за ўсё зноў прадалі на мяжы 20 стагоддзя. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны тут размяшчаўся батальён МСПА, потым будаўнічы тэхнікум і школа ФЗН, вучылішча. Некалькі гадоў таму была завершана рэстаўрацыя палаца, зараз тут знаходзіцца дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. Працуе штодня, з 10:00 да 18:00, размешчаны на вуліцы Замкавая 16.

Таксама раю паглядзець спіс незвычайных славутасцяў Гродна, якія часта выпускаюць з-пад увагі.

0 0 галасы
Ацэніце артыкул
Падпісацца
апавяшчэння
0 Каментарыі
Убудаваныя водгукі
Паглядзець усе каментары