Вёска Дабраўляны (рус. Добровляны) размяшчаецца ў Смаргонскім раёне, недалёка ад гарадскога пасёлка Свір і трасы Р95, а галоўнай славутасцю мястэчка з'яўляюцца пабудовы якія захаваліся з часоў сядзібы Гюнтэраў.

Палац у Дабраўлянах
Малюнак 1835, аўтар: Bachmatowicz Kazimierz

Першыя згадкі аб Дабраўлянах адносяцца да 16 стагоддзя, калі землі належалі прадстаўнікам роду Зяновічаў. Аднак даволі хутка мястэчка перайшло да Адама Роскага, ад яго Забірскім, а затым чарада ўладальнікаў мянялася так хутка, што іх імёны нават не паспявалі запісваць у летапісе.

Дабраўляны
Дабраўляны сёння

Сітуацыя змянілася, калі Дабраўляны набыў князь Павел Караль Сангушка (гэта якраз тая галіна Сангушак, якія валодалі замкам у Смалянах), пры якім тут пачалося будаўніцтва барочнага палаца.

Дабраўляны, Беларусь

За Сангушкамі Дабраўляны заставаліся да 1785 года, пакуль Геранім Сангушка не вырашыў прадаць маёнтак братам Абрамовічам. Ад якіх у 1818 годзе багатыя землі пераходзяць да Адам Гюнтэра і Аляксандры Канстанцыі Тызенгаўз. Верагодна менавіта гэты перыяд у гісторыі Дабраўлян і варта лічыць сапраўдным росквітам.

Палац у Дабраўлянах
Малюнак 1917 года

Парк у Дабраўлянах

З 1823 па 1830 гады ішлі актыўныя працы па перабудове старога палаца Сангушак па праекце віленскага архітэктара Яна Барэці. У выніку атрымаўся цікавы прыклад стылю класіцызм на падмурках барока. Паглядзіце як выглядала сядзіба Гюнтэраў (ніжні здымак), нажаль гэты помнік архітэктуры не захаваўся.

Сядзіба Гюнтэраў
1916 год. Так выглядала сядзіба Гюнтэраў у пачатку ХХ стагоддзя, крыніца: be.wikipedia.org

Як і многія падобныя маёнткі, старажытны палац моцна пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны, аднак заставаўся адносна цэлым. Разабраны ўжо пасля 40-ых гадоў на будаўнічыя матэрыялы, частка з якіх пайшла на ўзвядзенне розных калгасных пабудоў.

Капліца ў Дабраўлянах.
Каплічка ў Дабраўлянах

У Адама Гюнтэра было тры дачкі, кожная з якіх адзначылася як у культурнай, так і асветніцкай дзейнасці. Цікавіліся пісьменніцтвам, музыкай і вандроўкамі. У Дабраўлянах бывалі многія з таленавітых дзеячаў тагачаснай культуры. Ёсць цікавыя гісторыі-ўспаміны пра тое, як Уладзіслаў Сыракомля высаджваў тут клёны, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч хаваўся ад уладаў пасля рэвалюцыі 1863 года, а Станіслаў Манюшка даваў прыватныя канцэрты.

Палац у Дабраўлянах
1835 год, галоўны ўваход

У другой палове 19 стагоддзя Дабраўляны канфіскаваны ў Гюнтэраў, а новымі ўладальнікамі сталі Хамінскія. Пры іх якраз і пабудаваны гаспадарчыя будынкі з чырвонай цэглы. За Хамінскімі Дабраўляны заставаліся да 1939 года, пасля чаго багаты маёнтак нацыяналізаваны. Ёсць праўда і іншыя звесткі, што ў перыяд Міжваеннай Польшчы палац вярнулі спадчыннікам Гюнтэраў. Аднак існуе і трэцяя версія аб лёсе маёнтка: сядзіба цалкам разбурана і разабрана яшчэ ў 20-ыя гады. Адзін з апошніх здымкаў, датуецца якраз 1920 годам.

Дабраўляны старое фота
крыніца: кніга Aftanazy Roman “Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej” тым 4

Што захавалася ад былога маёнтка Гюнтэраў сёння? На ўскраіне вёскі можна ўбачыць невялікую прыдарожную капліцу, якую, як мяркуецца, усталявалі па даручэнні самога Адама Гюнтэра ў 1826 годзе.

Капліца Гюнтэраў
Малюнак 1835, аўтар: Bachmatowicz Kazimierz. Гэтую каплічку можна ўбачыць і сёння

Ёсць каплічка, якую зараз выкарыстоўваюць як мясцовы касцёл. Па ўсёй бачнасці першапачаткова будынак меў гаспадарчае прызначэнне, а ўжо ў 90-ыя перароблены пад патрэбы парафіі.

Маслабойня ў Дабраўлянах

Найбольшую цікавасць выклікаюць тыя самыя цагляныя будынкі з неагатычнымі рысамі.

Руіны сядзібы Гюнтэраў

Лепш за ўсё выглядае вось гэтая пабудова, якая чымсьці нагадвае бровар ці стайню.

Сядзіба Гюнтэраў у Дабраўлянах.

У аддаленні стаіць двухпавярховы дом, які хутчэй за ўсё служыў жыллём для рабочых.

Дабраўляны сядзіба

Сядзібна-паркавы комплекс Гюнтэраў.

Аднапавярховы - гэта ўжо былы дом эканома.

Дзе знаходзілася сядзіба Гюнтэраў

У старажытным парку можна адшукаць і падмуркі сядзібнага дома, і лядоўні, і мост праз рэчку, але ўсё ў моцна запушчаным выглядзе. Ніжэй кропка з месцам дзе стаяў палац і размяшчаюцца гаспадарчыя будынкі.

Калі будзеце ў гэтых краях, то рэкамендую з'ездзіць паглядзець на неагатычны касцёл у Нястанішках.

ПАКІНЦЕ АДКАЗ

Увядзіце ваш каментар
Ваша імя