Гарадскі пасёлак Рось і ўсе яго асноўныя славутасці даволі цесна звязаны з родам Патоцкіх, у якіх тут быў фамільны маёнтак. І калі Траецкі касцёл ды праваслаўны храм імкнуцца паглядзець, то капліцу-пахавальню Патоцкіх часта прапускаюць з-пад увагі.
Гэтая пабудова размешчана на каталіцкіх могілках і па сваёй архітэктуры чымсьці нагадвае касцёл святой Алены і Сімяона ў Мінску. Тут таксама бачныя неагатычныя рысы, але ўсё ж пераважае неараманскі стыль.
Пахавальня будавалася з 1901 па 1903 год для апошняга ўладальніка мястэчка Рось - графа Стэфана Патоцкага. Ініцыятыву па гэтай працы ўзяла на сябе яго сястра - Ядвіга Браніцкая, якая і замовіла праект капліцы ў мясцовага габрэйскага майстра - Тэафіла Лубы.
Для будаўніцтва капліцы выкарыстоўвалі сваю цэглу, нават сёння калі паспрабаваць, то можна адшукаць кляймо мясцовага завода «Ros».
А вось дэкаратыўныя элементы і разнастайныя храмавыя атрыбуты ўжо прывезлі з Варшавы. Польскі мастак Францішак Эйсманд займаўся афармленнем унутранага ўбрання капліцы. Яго стараннямі з'явіўся алтар і напісаны абраз Святога Стэфана, – копія працы Ларэнца Ліберта з касцёла Сан-Мікеле ў Фларэнцыі.
Граф Патоцкі памёр у 1910 годзе і пахаваны ў гэтай капліцы. Для яго вырабілі саркафаг з надмагіллем, які размяшчаўся не ў крыпце, а крыху над падлогай. Па чутках, перад смерцю Стэфан Патоцкі часта жартаваў, што баіцца захварэць на рэўматызм у сырой крыпце, таму саркафаг і размясцілі вышэй.
У савецкі час капліцу-пахавальню разрабавалі, магілу Патоцкага апаганілі, а сам саркафаг разбілі ў спробе знайсці каштоўнасці і скарбы. Пасля 90-ых каплічку аднавілі і закансервавалі, а тое няшмат што засталося ад старога драўлянага алтара перанеслі ў касцёл.
Капліца святога Стэфана знаходзіцца на ўскраіне гарадскога пасёлка, у канцы вуліцы Чырвонаармейская, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Калі будзеце ў Росі, то рэкамендую паглядзець невялічкі, але прыгожы будынак садоўніка Патоцкіх. Па магчымасці адпраўляйцеся таксама ў Ваўкавыск і Воўпу.