Сённяшнія Ахрэмаўцы ў Віцебскай вобласці - гэта сярэдняга памеру аграгарадок, размешчаны каля возера Дрывяты. Са славутасцяў тут хочацца вылучыць капліцу-пахавальню роду Плятэраў. Аднак яшчэ ў пачатку 20 стагоддзя, гэтыя месцы былі вядомы як маёнтак Бяльмонт з вялізным паркам, палацам і капліцай. (нататка. з 1976 года Бяльмонты аб'яднаны з Ахрэмаўцамі)
І калі пейзажны парк, які раскінуўся на плошчы 65 гектараў, (на той момант верагодна самы вялікі сядзібны парк Беларусі) часткова захаваўся, то ад палаца не засталося і следа. Палац у Бяльмонтах мае заблытаную храналогію і гісторыю. На карціне Напалеона Орды 1870 года, добра відаць што частка будынка ўжо ў руінах.
Затое палацавая капліца (пабудова правей ад двухпавярховага аб'ёму) - цалкам цэлая. Цікава, што і на старых здымках 30-ых гадоў, 20-га стагоддзя, гэты храм выглядае дзеючым. (Ніжэй фота Яна Булгака, зробленыя ў 1939 годзе)
З палацам звязана шмат прозвішчаў і ўстанавіць хто пачаў будаўніцтва даволі праблематычна. Ёсць два асноўныя варыянты: Гільзены и Патоцкія, з датай яшчэ складаней, верагодна двухпавярховы мураваны палац пабудаваны ў сярэдзіне 18 стагоддзя.
К Броэль-Плятэрам Бяльмонт і Ахрэмаўцы перайшлі з 1820 па 1830 гады, якраз у той час яны актыўна пашыралі свае ўладанні. Прыкладна тады ж ім дастаўся буйны маёнтак у Опсе (там захавалася сядзіба).
А што з капліцай-пахавальняй каля дарогі?
Датуецца 1858 годам, па архітэктуры нагадвае паменшаны варыянт неагатычнага касцёла.
Па баках могілак захаваліся каменныя пабудовы з бутавага каменя. Па форме нечым падобныя да вартоўні ці магчыма касцяніцы.
Агароджа, як і магільны склеп, цагляная з дэкаратыўнымі аркамі і брамай.
У шматлікіх крыніцах пазначана што апошні ўласнік з роду Плятэраў задумаў будаўніцтва новага палаца ў пачатку 20 стагоддзя. Нажаль ніякіх фатаграфій і малюнкаў не захавалася, ёсць толькі інфармацыя, што маёнтак згарэў падчас вайны.
Капліцу-пахавальню роду Плятэраў можна знайсці каля трасы Р3, на ўчастку які злучае Браслаў і Шаркаўшчыну. Ніжэй ёсць адзнака з размяшчэннем на мапе:
Калі едзеце ў гэтыя краі з Мінска, то па дарозе можна зрабіць прыпынак у горадзе Глыбокае, а таксама заехаць да касцёлу ў Мосары.