Быстрыца - гэта вёска ў Астравецкім раёне, недалёка ад мяжы з Літвой (населены пункт у памежнай тэрыторыі), а галоўная самая цікавая славутасць - касцёл Узвышэння Святога Крыжа. У храма доўгая і багатая гісторыя, якая сыходзіць глыбока ў далёкае 14 стагоддзе. Тады вялікі князь Літоўскі Ягайла загадаў у гэтых землях пабудаваць драўляны касцёл з кляштарам. У той жа перыяд у Быстрыцу прыбылі латэранскія манахі канонікі (аўгустынскі ордэн).
Канешне, той першы драўляны храм да нашых дзён захавацца не мог. На яго месцы да 1523 году, па загадзе ўжо Жыгімонта Старога, узводзяць каменны касцёл.
Архітэктура таго храма адрознівалася ад аблічча, якое можна ўбачыць сёння. Лічыцца, што сучасны касцёл быў перабудаваны ў другой палове 18 стагоддзя.
Работай займаўся вядомы архітэктар, прадстаўнік стылю віленскае барока, – Іаган Глаўбіц. На яго рахунку мноства храмаў на тэрыторыі Беларусі: кармеліцкі касцёл у Глыбокам, Сафійскі сабор у Полацку, храм у Івянцы і многія іншыя.
З 1863 па 1929 год, Быстрыцкі касцёл выкарыстоўваўся як праваслаўная царква. У гэты часавы перыяд храм часткова перабудаваны: дададзены цыбульны барабан у цэнтры даху, на вежах устаноўлены кананічныя праваслаўныя купалы.
У першай палове 20 стагоддзя будынак вярнулі каталіцкай абшчыне, касцёл рэканструяваны па першапачатковым абліччы (як ён выглядаў на 1761 год).
Касцёл у Быстрыцы аднанефны, з высокімі 4-ярунсымі вежамі. Фасад без дэкаратыўных раскош, вылучаецца арачным акном. Сцены рассечаныя калонамі з карнізам, а сам храм завяршаецца 5-граннай апсідай.
Ва ўсім абліччы касцёла чытаецца яго ўзрост і строгасць. Цікаўны і прыемны факт, што касцёл не закрывалі ў часы актыўнай антырэлігійнай палітыкі. Вернікі змаглі абараніць сцены храма нават тады, калі ў іх не было ксяндза. Ніжэй пункт з пазнакай на мапе, дзе знаходзіцца касцёл:
Калі будзеце ў гэтых краях рэкамендую таксама заехаць у суседнія Кемелішкі, каб паглядзець на унікальны драўляны храм.