Прыкладна за 20 кіламетраў ад Бешанковічаў ёсць аграгарадок Бачэйкава, які будзе цікава наведаць каб убачыць частку спадчыны роду Цеханавецкіх. Акрамя некалькіх гаспадарчых пабудоў, флігеля і памятнага знака можна адшукаць месца, дзе раней стаяў сапраўдны палац з шыкоўным паркам. І што цікава, захаваліся кінакадры з гэтай сядзібай, знятыя для фільма “Джэнтльмен і певень” (“Пеўні пераклікаюцца”) 1928 года. Дзякуючы ім можна больш падрабязна разгледзець страчаны палац і тэрыторыю комплексу.

Палац у Бачэйкаве

Нядрэнна вядома гісторыя Бачэйкава, дзякуючы шырокай манаграфіі Уладзіслава Цеханавецкага. Так першыя звесткі пра мястэчка адносяцца яшчэ да 15 стагоддзя, калі яно належала Юшку Міхаловічу Друцкаму-Падбярэскаму-Пструцкаму, таксама вядомаму як Ямантовіч-Падбярэскі. Пасля яго смерці (памёр у 1464 годзе), Бачэйкава перайшло да апошняга паўнапраўнага кіраўніка «Мсціслаўскага княства» – Міхала Іванавіча Мсціслаўскага-Заслаўскага. Зямляў у яго было шмат і да таго ж дадалося яшчэ больш з часам - багаты пасаг жонкі Юльяны. Аднак пасля разводу гэтай пары ўсе землі разышліся па блізкіх і далёкіх сваяках, так Бачэйкава і аказалася ў Цеханавецкіх. Што дзіўна, гэты род заставаўся ўладальнікам маёнтка з пачатку 16 стагоддзя і да падпісання Рыжскай дамовы.

сядзіба Цеханавецкіх мемарыяльны камень

За наступныя 400 гадоў Цеханавецкія не раз перабудоўвалі свой фамільны палац, які ў прамым сэнсе прайшоў праз некалькі войн, бедстваў, пажараў і спусташэнняў. Захаваліся пісьмовыя ўспаміны аб тым, як выглядаў фамільны дом узору другой паловы 17 стагоддзя. Так вялікая сядзіба стаяла на правым беразе ракі, складалася з дзевяці пакояў і прыдамавой капліцы, якая выступала ў густы сад. Па тых часах убранне было ўражлівым.

Палацава-паркавы комплекс Цеханавецкіх (Бачэйкаў)
здымак 1917 года старая паштоўка

Побач з жылым домам Цеханавецкіх знаходзіўся флігель крыху меншага памеру, прызначаны для гасцей, за ім ішла вялікая кухня і дзве стайні на сотню запражных коней. Аднак апісаная сядзіба згарэла ў 1708 годзе, а на яе месцы пасля выбудавана больш сціплая. Вакол дома быў разбіты пейзажны парк, зноў пабудаваны стайні, адрамантаваны гасцявы флігель. Сціпласць новага маёнтка ў Бачэйкаве таго перыяду тлумачыцца тым, што Цеханавецкія асноўны час праводзілі ў іншым сваім маёнтку – Опса.

Бачэйкава

Цагляны палац, які можна ўбачыць на старых здымках, будаваўся пры Юзэфе Цеханавецкам. Ёсць нават цікавая гісторыя, што Юзэф задумаў гэтае пашырэнне палаца з мэтай запрасіць Станіслава Аўгуста Панятоўскага на паляванне. Ці прыехаў апошні кароль Рэчы Паспалітай ці не, дык і невядома.

Як выглядала Беларусь у 1928 годзе?
Кадр з фільма 1928 года, паркавы бок палаца.

Ужо ў 1770 годзе, апроч самога палаца, жылых і гаспадарчых пабудоў, у Бачэйкаве размяшчаліся шматлікія прамысловыя прадпрыемствы, у тым ліку буйная суконная фабрыка, зброевая, карэтная, мэблевая фабрыка, ганчарны і спіртзавод. Каб забяспечыць сябе якаснымі працаўнікамі, мясцовых Цеханавецкі адпраўляў вучыцца ў Парыж і Лондан.

Савецкая скульптура ў Бачэйкаве

Апісанняў сядзібы таго перыяду захавалася няшмат. Згадваецца, што яе праектам займаўся малавядомы італьянскі архітэктар, які, пры будаўніцтве палаца забыўся пра зімовыя маразы і не пабудаваў ніводнай печы. Камінамі ён абсталяваў толькі чатыры пакоі. Так што ўсё гэта прыйшлося зрабіць пазней.

У часы Станіслава Цеханавецкага, у палацы Бачэйкава, 11 ліпеня 1812 года, на ноч заставаўся Напалеон Банапарт. Ёсць успаміны, што французскага імператара сустрэла поўная цішыня і пустата, бо большая частка ўладальнікаў маёнтка сышла, а ўсе астатнія жыхары схаваліся ў лясах. У сядзібе засталіся толькі кіраўнік маёнткам Лапіцкі, дварэцкі і адзін з яго маладых памочнікаў, прыпісаны да канцылярыі. Гэта настолькі здзівіла Напалеона, што ён не прамінуў выказаць Лапіцкаму сваю незадаволенасць.

Палац Bačejkaŭ

Другая палова 19 стагоддзя для Бачэйкава было перыядам росквіту культуры, сюды часта прыязджалі госці і дзеячы. Цеханавецкія надавалі ўвагу індустрыялізацыі і таму вытворчая частка не саступала ў развіццё культурнай.

Сядзіба Бачэйкава.

Палац, пабудаваны Юзэфам Цеханавецкім, уяўляў сабой па сутнасці аднапавярховы будынак з высокімі падваламі і выцягнутым прамавугольным планам. Парадны ўваход выглядаў параўнальна сціпла, нагадваючы многія іншыя класічныя сядзібы таго часу. Фасад вылучаўся неглыбокім порцікам на галоўнай восі з дзвюма тасканскімі калонамі квадратнага перасеку і двума цэнтральнымі - з круглым перасекам, падзелены па вертыкалі пілястрамі, працяты вялікімі прастакутнымі аконнымі праёмамі, быў запар пакрыты рустам.

Старое фота Бачэйкава
Адзін з нямногіх здымкаў на якіх можна ўбачыць сядзібу да перабудовы. 1900 год, Уладзімер Ліхадзедаў, прыватная калекцыя. Крыніца: be-tarask.wikipedia

Заходні бок наадварот выглядаў значна жывапісней. Паколькі палац пабудаваны на схіле, з гэтага боку ён быў вышэйшы, з жылым першым паверхам і квадратнымі вокнамі. Галоўны акцэнт паркавага боку - трохвосевы, паўкруглы эркер ад якога ішлі складаныя ўсходы ў сад.

Фільм Джэнтэльмен і певень 1928 год

Палац у Бачэйкаве

У пачатку 20 стагоддзя, Цеханавецкія прымаюць рашэнне перабудаваць сваю фамільную рэзідэнцыю. Так з'явіўся мансардны паверх і балкон з галоўнага ўезду - менавіта такое аблічча мы бачым у фільме "Джэнтэльмен і певень".

Палац у фільме Джэнтэльмен і певень
кадр з фільма, парадны ўваход
Кадр з фільма Джэнтэльмены і певень
Кадр з фільма 1928 года - порцік параднага ўваходу

Дзякуючы запісам Уладзіслава Цеханавецкага з усімі інвентарызацыямі, ёсць падрабязныя апісанні ўнутранага ўбрання, карцін, прадметаў інтэр'ера і рэчаў у доме. Нажаль, зараз усё гэта толькі спісы на паперы, большасць каштоўнасцяў было вывезена ў Маскву яшчэ да пачатку Першай сусветнай вайны, а тое што заставалася - знішчылі, або выкралі.

Бачэйкава старыя здымкі
"Блакітны" салон, фота да 1914 года

Апошнім уладальнікам маёнтка быў - Ежы Станіслаў Цеханавецкі, затым землі нацыяналізаваны. Лёс сядзібы ў Бачэйкаве сумны - ад дома не захавалася і следу, ніжэй фота таго месца дзе стаяў шыкоўны палац.

Месца, дзе быў палац у Бачэйкаве

Да вайны будынак выкарыстоўвалі пад розныя адміністрацыйныя патрэбы, а ў пасляваенныя гады часткова разбураны дом разбіралі мясцовыя жыхары на цэглу. У выніку ад маёнтка захаваўся "паляўнічы" флігель, дом для працоўных і некалькі гаспадарчых пабудоў.

Сядзіба Бачэйкава.

Ёсць цікавы факт: у Бачэйкава ў 90-ыя прыязджаў адзін з прадстаўнікоў старажытнага роду – Анджэй Цеханавецкі.

сядзіба Цеханавецкіх Бачэйкава.

Ніжэй кропка з размяшчэннем паляўнічага флігеля ў Бачэйкаве:

Калі будзеце ў гэтых краях рэкамендую з'ездзіць яшчэ да адной незвычайнай сядзібы ў вёсцы Полымя (Пламя).

5 1 голас
Ацэніце артыкул
Падпісацца
апавяшчэння
0 Каментарыі
Убудаваныя водгукі
Паглядзець усе каментары