А вы ведалі, што калісьці ў Маладзечна была свая Трыумфальная арка? Яе пабудавалі ў першай палове 20 стагоддзя, на мяжы тагачаснага мястэчка і фальварка Гелянова. Усё пачалося з таго, што для польскіх вайскоўцаў у гэтых краях з 1922 года ўзводзіўся ваенны гарадок, дзе размясціўся гарнізон 86-га пяхотнага палка (Мінскі стралковы полк). Колькасць жыхароў хутка павялічвалася, што па сутнасці і прывяло да таго, што ў 1929 годзе Маладзечна атрымлівае афіцыйны статус горада. У тым жа годзе ўрачыста адкрылі і Маладзечанскую Трыўмвальную арку, будаўніцтва якой вялося ў гонар кіраўніка Другой Рэчы Паспалітай Юзэфа Пілсудскага.

Арка выглядала па-сапраўднаму ўражліва і называлася "Мінскай брамай". З боку старой часткі горада прахожыя бачылі статуі рыцараў і львоў, а па баках ішла невялікая балюстрада з дарыйскімі калонамі (па чатыры штукі). Сцены ўпрыгожвалі барэльефы на розныя вайсковыя тэмы.


крыніца: Kolekcja Zofii Żurawskiej
З іншага боку брама прыцягвала ўвагу сваім другім паверхам, дзе размяшчалася невялічкая капліца, адкуль каплан дабраслаўляў салдат падчас ваенных урачыстасцяў. На самым версе аркі нейкі час стаяла статуя рыцара з мячом і паднятай паходняй, але яшчэ ў 30-ыя гады скульптуру дэмантавалі, замяніўшы на флагшток.

крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
У інтэрнэце ёсць некалькі версій і здагадак аб тым, дзе дакладна знаходзілася арка. Усе яны адрозніваюцца літаральна на метры. Добрым арыенцірам служыць дом па вуліцы Машэрава 2, брама размяшчалася з ім амаль на адным узроўні.

З капліцай, якая была ў арцы, звязана цікавая гісторыя, дакладней з яе звонам. Пасля таго як горад Маладзечна ўвайшоў у склад БССР у 1939 годзе ўсе польскія атрыбуты і статуі дэмантавалі. Выключэннем не стаў і звон. Затым многія з гэтых прадметаў надоўга зніклі з поля зроку, застаючыся забытымі на складах і ў Дамах Культуры. І тут нечакана гэты звон знаходзяць у Менску, па адрасе праспект Незалежнасці 16, у доме з гадзіннікавай вежай.


крыніца: архіў Уладзімера Садоўскага з сайта molodechno.net
У савецкі час арка хоць і была пазбаўлена дэкаратыўных вынаходстваў, але ўсё яшчэ заставалася цэлая. Каля падножжа брамы вырашылі захаваць статуі львоў, на якіх так любілі фатаграфавацца дзеці таго перыяду.
Сітуацыя стала мяняцца ў 60-ыя, калі Маладзечна ўсё мацней разрастаўся. Былое Гелянова, якое раней лічылася ўскраінай, ушчыльную наблізілася да новага цэнтра горада.

Пасля таго як скончылася будаўніцтва рэгіянальнай трасы Р56, ужо актыўна загаварылі аб тым, што Мінскую браму неабходна знесці. Галоўная прычына - сустрэчным машынам складана раз'ехацца ў вузкай арцы. Альтэрнатыўных варыянтаў рашэння праблемы не разглядалі і ў пачатку 60-ых Трыўмфальную арку знеслі.

Сёння ніякіх напамінкаў аб гэтым унікальным помніку не захавалася. Хаця яшчэ некалькі гадоў таму на аўтобусным прыпынку “Драмтэатр” вісела прыгожая таблічка са стылізаванай выявай аркі і надпісам “Гелянова”.

Раптам вам захочацца паглядзець гэтае месца, ніжэй адзнака на мапе з каардынатамі дзе раней стаяла брама.
У старой частцы горада можна ўбачыць былы манастыр трынітарыяў і Пакроўскую царкву.