У пачатку 19 стагоддзя Адам Літавар-Храптовіч пашырае бацькаўскі маёнтак Шчорсы, набыўшы ў Радзівілаў суседнія Нягневічы. На ўскрайку новага сядзібнага комплексу будуецца фальварак Адампаль, які чымсьці нагадваў "Мураванку". Тут актыўны шляхціц пабудаваў двухпавярховы жылы дом, жывёлагадоўчую ферму, мноства гаспадарчых пабудоў, а таксама цагляны бровар, які захаваўся і да нашага часу.
Як і галоўны маёнтак Храптовічаў у Шчорсах, Адампаль моцна пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны. Большая частка пабудоў была разбурана. У пасляваенныя гады на базе гаспадарчага комплексу арганізавалі школу-інтэрнат, крыху пазней дзіцячы дом. Потым зноў вайна і новыя разбурэнні, якія комплекс магчыма перажыў дзякуючы сваёй аддаленасці.
З 50-ых і па канец 80-ых гадоў большую частку Адампаля выкарыстоўвавалі зноўку як інтэрнат, а з 1991 года на гэтай базе арганізаваны спартыўны лагер "Алімпіец", які дзейнічае і сёння (*пад назвай "Адампаль").
Самы цікавы аб'ект на тэрыторыі комплексу - трохпавярховы бровар з чырвонай цэглы, які пабудаваны на высокім цокалі ў 1877 годзе (перабудаваны на месцы старога бровара Адама Храптовіча).
Калі пажадаеце паглядзець Адампаль, то улічвайце, што тэрыторыя закрытая, трэба будзе шукаць вартаўніка.
Ніжэй на мапе кропка з размяшчэннем бровара:
У гэтых краях рэкамендую з'ездзіць паглядзець старадаўні горад - Навагрудак.