Цалкам імаверна, што адна з самых таямнічых калон на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца каля вёскі Алексічы, Зэльвенскага раёна. Чаму таямнічых? Таму што ёсць некалькі версій у гонар якіх падзей яна магла быць пабудавана, але ўсе гэтыя здагадкі не маюць пацвярджэнняў і на жаль застаюцца толькі здагадкамі. Алексічы – гэта старажытнае мястэчка, якім валодалі тыя ж уласнікі што і Дзярэчынам (Капачы, Сангушкі, Палубінскія і вядома Сапегі). Таму будаўніцтва калоны, верагодна, нейкім чынам звязана з адным з гэтых прозвішчаў.

Так самыя смелыя здагадкі адпраўляюць нас у першую палову 17 стагоддзі, калі Канстанцін Палубінскі запрасіў у Дзярэчын манахаў-дамініканаў і пачаў будаўніцтва для іх кляштара (комплекс не захаваўся). Манахі для сваіх місій даволі часта ставілі памятныя калоны, напрыклад абеліск у гонар Святога Сімпліцыяна ў вёсцы Фашчаўка. За гэтую версію гаворыць і стары здымак, на якім на вяршыні калоны можна разгледзець каталіцкі крыж.

“Таямнічасць” гэтай калоны мог бы лёгка развеяць тэкст на каменнай шыльдзе, аднак прачытаць яго ўжо амаль немагчыма.

Яшчэ адна версія звязвае калону-абеліск у Алексічах з Сапегамі. Мяркуецца, што яе пабудавалі ў 1708 годзе шведы ў падзяку Сапегам і мясцовым жыхарам за дапамогу падчас руска-шведскай вайны. На маю думку гэтая версія выглядае малаверагоднай, бо шведы, праходзячы па землях Беларусі, пакідалі пасля сябе папялішча, а ніяк не “памятныя калоны”.

З прозвішчам Сапегаў згадваюць і іншую версію аб паходжанні абеліска. У Дзярэчыне размяшчалася адна з галоўных рэзідэнцый старажытнага роду і можа Аляксандр Міхаіл Сапега пабудаваў некалькі такіх калон на ўездзе ў свой маёнтак (вядома што ў Дзярэчыне іх было яшчэ як мінімум 2).


Самая частая і дзесьці лагічная версія аб матывах будаўніцтва – гэта ў гонар прыняцця канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 траўня 1791 года. У той перыяд падобныя калоны ўзводзіліся па ўсёй краіне, некаторыя з іх захаваліся да нашых дзён. Адзінае што турбуе ў гэтай версіі – архітэктура абеліска, мяркуючы па старых здымках Дзярэчына, куды больш верагодна што калона ў гонар першай Канстытуцыі стаяла ў самым цэнтры.

Мясцовыя называюць свой абеліск – “Пізанскай вежай”, у гонар вядомага турыстычнага аб’екта ў Італіі. Вонкава яны зразумела зусім непадобныя, але абодва маюць нахіл. Убачыць унікальны аб’ект можна на дарозе якая злучае горад Масты і Дзярэчын, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Калі будзеце ў гэтых краях раю паглядзець таксама дзятлаўскі палац Радзівілаў і барочны касцёл Дзевы Марыі.








