Храм класічнай архітэктуры ў Нягневічах
Нягневічы – старажытнае мястэчка ў Навагрудскім раёне, Гродзенскай вобласці, галоўная цікавостка якога – царква ў гонар Казанскага абраза Маці Божай. Храм пабудаваны напрыканцы 18 стагоддзя (1795 год) і па ўсёй бачнасці першапачаткова гэта быў касцёл, пераасвячоны ў царкву пасля 1861 года.

Ёсць і іншая версія, паводле якой храм будаваўся пазней, у перыяд з 1850 па 1855 гады, на месцы драўлянага папярэдніка.

Царква мае цалкам тыповую класічную архітэктуру, сцены і фасад упрыгожаны арачнымі вокнамі, нішамі і карнізам. Трохкутны франтон вылучаецца спаранымі вокнамі, храм пафарбаваны ў белы колер з блакітнымі акцэнтамі.

Побач з царквой стаіць двух’ярусная вежа-званіца, ніжні паверх якой выдзелены бутавым каменем. Датуецца вежа сярэдзінай 19 стагоддзі.

Калі будзеце ў гэтым краі, раю таксама паглядзець маёнтак Храптовічаў у Шчорсах і з’ездзіць у суседні Адампаль.
Царква Святога Міхала Арханёла ва Ўселюбе
Уселюб – гэта вельмі цікавы пасёлак Гродзенскай вобласці, дзе дарэчы знаходзіцца адзін з найстарэйшых каталіцкіх храмаў на тэрыторыі Беларусі – касцёл Святога Казіміра. Акрамя таго тутака захаваліся сядзібныя пабудовы роду О’Руркаў і Свята-Міхайлаўская царква.

Царква ва Ўселюбе пабудавана на месцы драўлянага храма, які быў знішчаны пажарам. Гэтая царква датуецца 1840 годам, выканана з каменя ў форме “карабля” з паўкруглай апсідай.

Перад уваходам стаіць двух’ярусная вежа-званіца, інфармацыйная таблічка падказвае што яна ўзведзена пазней чым царква, у 1884 годзе.

Калісьці вакол царквы былі могілкі, некаторыя старажытныя надмагіллі можна ўбачыць і сёння.

Калі будзеце ехаць у пасёлак Уселюб з боку Навагрудка, то ў цэнтры згортвайце налева. Царкву добра відаць з дарогі. Недалёка ад гэтых мясцін таксама можна паглядзець руіны сядзібы ў Вераскава і замак у Любчы.
Царква ў вёсцы Вялікая Ліпа
Вёска з даволі незвычайнай назвай Вялікая Ліпа размяшчаецца ў 119 кіламетрах ад Мінска. Тут можна паглядзець сядзібныя будынкі, якія часткова захаваліся з часоў Абуховічаў, а таксама Пакроўскую царкву 18 стагоддзя.

Свята-Пакроўскі храм быў закладзены як уніяцкі ў 1773 годзе, аднак ужо ў 1793 годзе царква становіцца цалкам праваслаўнай. Храм у Вялікай Ліпе адносіцца да архітэктуры барока з пэўнымі адступленнямі. Так напрыклад фасад крыху перайначаны і дапоўнены дзіўнай прыбудовай (мяркую што гэта ўжо зроблена напрыканцы 20 стагоддзя).


Злева ад уваходу знаходзіцца двух’ярусная званіца, а бліжэй да агароджы – капліца-пахавальня. Верагодна звязаная з Абуховічамі ці Радзівіламі. Надпіс “Memoriaе Justorum” азначае “Памяць аб праведніках”.


Калі адправіцеся глядзець царкву ў вёсцы Вялікая Ліпа, то мае сэнс заехаць да сядзібы Рдултоўскіх у Снове.
Царква 18 стагоддзя ў вёсцы Масаляны
Масаляны – гэта вёска сярэдняга памеру ў Гродзенскай вобласці. Калісьці гэтыя землі належалі роду Біспінгаў, якраз пры каторых, у 1796 годзе, пабудаваны ўніяцкі храм Раства Багародзіцы (сёння праваслаўная царква).

Царква выканана на стыку змешвання архітэктуры позняга барока і класіцызму. Храм аднавежавы і аднанефны, візуальна падзелены на 2 часткі.


З сярэдзіны 19 стагоддзя царква становіцца цалкам праваслаўнай і нязначна перабудавана. Дадаліся цыбульныя шатры, заменена вежа.

У гэты ж перыяд пабудавана і невялічкая капліца з дробнага бутавага каменя.


Тэрыторыя храма ў Масалянах абгароджана і завершана аднааркавай каменнай брамай. Царкву ў вёсцы лёгка знайсці: з’язджайце з трасы Р99 каля пасёлка Алекшыцы і рухайцеся да скрыжавання з вуліцай Юбілейная.

Недалёка знаходзіцца былы сядзібны дом Біспінгаў і іхняя капліца. Раю таксама заехаць да царквы ў Малой Бераставіцы.
Царква Раства Багародзіцы ў вёсцы Суботы
Вёска Суботы (націск на першы склад) знаходзіцца ў Драгічынскім раёне, Брэсцкай вобласці. Галоўная славутасць – праваслаўны храм канца 18 стагоддзі.

Царква Раства Багародзіцы выканана з каменя ў архітэктурным стылі класіцызм. Будавалася з 1793 па 1797 гады. Па форме будынак прамавугольны, накрыты двухсхільным дахам, асноўны аб’ём завершаны трохграневай апсідай.

Па перыметры царквы сцены ўпрыгожаны пілястрамі і карнізам. Галоўны фасад дапоўнены нішамі пад скульптуры і фальшкалонамі. Франтон у храма драўляны, на фатаграфіях 10-гадовай даўніны яшчэ бачныя сляды сімвала ўсёвідушчага вока. Цяпер гэты дэкаратыўны элемент зафарбаваны фарбай. На даху невялічкая вежка з цыбульнай глаўкай – атрыбут праваслаўных храмаў.


На тэрыторыі царквы таксама асобна стаіць драўляная званіца. Дата яе будаўніцтва на жаль невядомая.

Храм даволі лёгка знайсці: з трасы М10 з’язджайце пасля Драгічына на паказальнік “вёска Брашэвічы”, адкуль каля 5 хвілін язды. Недалёка ад вёскі Суботы можна наведаць сядзібу Віславухаў у Пярковічах і заехаць у гарадскі пасёлак Антопаль.








